03.06.2024

Дрэваапрацоўка

Практычна ўсе што акружала чалавека, драўляная хата, мэбля, посуд, абутак, прылады працы зроблены з дрэва. У кожным доме былі прадметы хатняга ўжытку і прылады працы, вырабленыя з драўніны — вазы, сані, калёсы, верацёны, калаўроты, матавілы; разнастайныя віды посуду; сталы, лаўкі і іншыя віды мэблі.

  Ацяпляліся таксама дрэвам. Апрацоўка дрэва займала важнае месца сярод рамесных заняткаў беларусаў.Практычна кожны дарослы мужчына мог сам пабудаваць (або, па-старадаўняму, “зрубіць”) хату і гаспадарчыя пабудовы.

У музеі прадстаўлены розныя вырабы з драўніны: пранік, церніца, трапло, матавіла, калаўрот, прасніца, верацяно, цэп, ступа, хлебная лапата, калыска, хадунок, стол, лава, крэсла, драўляны посуд.

Драўляны посуд рабілі бондары. Бондары выраблялі і выдаўблены посуд, напрыклад, ночвы. Прызначаліся для мыцця бялізны, прыгатавання сечанай капусты (якую ссыпалі потым убочку), мяса для каўбас і інш. Рабілі з драўлянага цурбана (асіны,ліпы), колатага папалам. Невялікія начоўкі для ачысткі зерня называюцца апалушкі. У сваёй рабоце бондары карысталіся інструментам чакухай, або доўбняй.

Калі малако адстойвалася ў збанках, гаспадыня збірала зверху смятану. Назапашвала смятаны ўдосталь і біла з яе ў бойцы масла. Бойка — вузкая высокая кадачка з клёпак. У накрыўцы пасярэдзіне адтуліна для калатоўкі (біла), верхні канец якой выходзіў вонкі, a да ніжняга прымацоўвалі кружок з дзіркамі (пашыраны варыянт) ці крыжавіну (ударная частка). Такой жа формы маслабойку выдзёўбвалі з суцэльнай круглай калодкі.  Маслабойкі бытуюць і ў наш час.

 Масла білі ўручную. Калатоўка шпарка бегала зверху-ўніз, зверху-ўніз. Бегала доўга і без перадыху, каб смятана ў бойцы не астыла. Збіўшы масла, злівалі ў збанкі маслёнку. Кіславатая, з залацістымі крупінкамі масла, яна смачна сёрбалася потым з цёплай бульбай

  Качалак – прыспасабленне для разгладжвання вырабаў з тканіны. Вопратку  раскачвалі валікам – гэта драўляны брус з нарэзанымі ўпоперак зубцамі і ручкай.  Зубцы размяшчаліся шчыльна адзін каля аднаго.  

 Драўляную лыжку і сёння можна сустрэць ў нашых хатніх гаспадарках. Такую вялікую лыжку называлі апалонікам. Выраб лыжак быў некалі промыслам. Выраблялі лыжкі лыжачнікі.