30.01.2025

Саломапляценне

У музеі размешчаны вырабы з саломкі. Саломапляценне адносіцца да народных промыслаў. Павук – прасторавая кампазіцыя з саломы, папяровых кветак; традыцыйнае ўпрыгожанне інтэр’ера беларускага народнага жылля. Павука, які лічыўся сімвал дабрабыту, падвешвалі над сталом. Найбольш часта павукоў рабілі з саломы: шарападобныя, рамбічныя, зорчатыя, шарападобныя рабілі з саломінак, якія разыходзіліся ва ўсе бакі ад цэнтра. Канцы саломінак аздаблялі кветкамі з паперы ці пер’я. У аснове рамбічнага павука ляжыць васьмігранная фігура з 12 саломінак аднолькавай даўжыні. Унутры яго і да яго вуглоў падвешвалі павукоў меншых памераў. Выраблялі таксама павукоў у выглядзе абажура. Аналагічна з сапраўднымі павукамі, лічылася, што павук нясе добрую навіну і радасць у хату. А значыць, чым больш ў хаце сплеценых павукоў, тым больш і шчасця ў ёй будзе.

   Такія павукі былі ў кожнай беларускай хаце. Лічылася, што яны збіраюць усё дрэннае, аберагаюць гаспадароў. Вясной павук спальваўся, і кожны год рабіўся новы.  Існавала павер’е: трэба стаць пад павуком і чакаць. Калі павук пачынаў круціцца, то ў гэтага чалавека добрыя думкі. Калі ж павук “заміраў”, то гэта азначала, што чалавек задумаў нешта нядобрае.