23.04.2025

Покуць

Ёсць у вясковай хаце месца, дзе пасядзець лічыцца за вялікі гонар. Покуць – так называецца гэтае пачэснае месца ў хаце, не забытае Богам.

Покуць спрадвеку ачышчала і ўзвышала чалавека, рабіла яго лепшым. Прыходзіла свята, Каляды ці Вялікдзень, і на покуці першы садзіўся гаспадар, а злева ад яго астатнія сямейнікі. І ні абы як, а ўперамешку, па старшынству, дарослыя і дзеці. Маліліся, успаміналі добрым словам дзядоў-прадзедаў, частаваліся.

Покуць – гэта кусочак храма ў хаце. Уверсе, пад самай столлю, вісяць абразы – з выявамі Ісуса Хрыста і святых. Яны маўкліваю малітваю асвячаюць хату і жыццё людзей у гэтай хаце.

Покуць прыгожа ўбіраецца. На абразы гаспадыня развешвала ўзорныя саматканыя ручнікі – набожнікі,  пучкі асвечаных у царкве жытнёвых каласоў і траў.

На покуці мясціліся стол і лава. Стол выконваў ролю своеасаблівага хатняга алтара, таму ставіліся да яго з павагай і дапусціць на стол ката лічылася вялікім грахом, бо тут заўсёды знаходзіліся хлеб ды соль. Святасць стала вызначалася яшчэ і тым, што на яго клалі  свянцоныя яйкі, свечкі, ставілі святую ваду.